Режим работы:
9.00-18.00 Обед с.13.00-14.00
9.00-18.00 Обед с.13.00-14.00
14 гадоў таму лёс Людмілы Карвіга крута змяніўся. Адпрацаваўшы некалькі гадоў у Лукскай бальніцы поварам і выгадаваўшы дзвюх дачок, яна вырашыла ісці працаваць у калгас.
Адным з самых складаных участкаў у свінагадоўлі з’яўляецца абслугоўванне свінаматак з парасятамі. Вырасціць і захаваць маленькіх гадаванцаў, пазбегнуць падзяжу і дасягнуць добрых прываг не так проста. Аднак у аператара па абслугоўванні свінаматак з парасятамі свінакомплексу “Лукі” ДП “Лукі-Агра” Людмілы Карвіга атрымліваецца не толькі спраўляцца з гэтымі задачамі, але і выконваць іх лепш за ўсіх. Сёлета жанчына заняла першае месца ў абласным спаборніцтве сярод аператараў у сваёй групе.
Людміла Мікалаеўна працуе ў Луках ужо 14 гадоў. Зараз на яе папячэнні ўтрымліваецца 36 свінаматак і 500 парасят. За дзевяць месяцаў 2023 г. яна атрымала 10 529 парасят, што на 2032 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 238 г.
Жанчына прымае парасят у свінаматак, апрацоўвае іх і даглядае тры тыдні да ад’ёму. Галоўным у сваёй рабоце лічыць добрыя адносіны да жывёлы. Таксама неабходна правільна і своечасова выконваць усе патрэбныя аперацыі.
Кожная свінка патрабуе ўвагі і клопату, і Людміла Мікалаеўна з задавальненнем працуе ў яслях для парасят, стараецца сачыць за кожным сваім гадаванцам. Першыя чатыры дні парасяты харчуюцца малаком сваіх мам. На чацвёрты-пяты дзень у іх рацыён уводзяць камбікорм. Калі кармленне свінаматак адбываецца аўтаматычна, то парасят кормяць уручную чатыры разы на дзень. Жанчына прызнаецца, нягледзячы на тое, што праз яе рукі праходзіць шмат малых, да некаторых яна паспявае прывязацца. Аднак 28 дзён пралятаюць імгненна, і на змену адным пятачкам прыходзяць другія:
— Да кожнага неабходна адносіцца аднолькава добра, з разуменнем, што праз месяц іх забяруць і будуць вырошчваць другія людзі. Хочацца, каб за маю працу не прыйшлося чырванець перад калегамі.
Людміла Мікалаеўна дадае, што вялікую падтрымку ў працы аказвае ветэрынарная служба свінакомплексу. Галоўны ветэрынарны ўрач Вольга Кот і ветэрынар Аляксандр Раманчук уважліва сочаць, каб парасяткі раслі здаровымі і моцнымі. Вынікам сумеснай працы аператараў і ветэрынараў з’яўляецца высокая захаванасць і добрае здароўе пагалоўя.